Рабочие материалы

15.10.2026

Пераадольванне патройнага бар’ера: прадпрымальніцкі брыкалаж беларускіх і ўкраінскіх вымушаных мігрантак у Літве

#entreBY

У даследаванні высвятляецца, чаму высокакваліфікаваныя жанчыны — вымушаныя мігранткі з Беларусі і Украіны ў Літве — пачынаюць прадпрымальніцкую дзейнасць і праз якія механізмы гэта адбываецца. Разам выкарыстоўваюцца тры тэорыі, якія звычайна разглядаюцца асобна: прафесійны выбар, патройны бар’ер і прадпрымальніцкі брыкалаж. Іх аб’ядноўвае канцэпцыя змешанай укаранёнасці. Мы ўводзім паняцце «хобі-масток»: гэта ператварэнне асабістага ўмення ў прафесію, якое выконвае ролю брыкалажу і замяняе кваліфікацыі, што страцілі каштоўнасць у новай краіне. На падставе апытання 197 жанчын і мультынамінальнай лагістычнай рэгрэсіі аналіз дазваляе размежаваць вымушаны, гібрыдны і матываваны магчымасцямі ўваход у прадпрымальніцтва; базавай катэгорыяй (base outcome) служыць адсутнасць уваходу. З улікам памеру выбаркі і яе складу ацэнка мае эксплараторны характар: яна скіравана на выяўленне патэнцыйных механізмаў, а не канчатковых эфектаў. Вынікі паказваюць устойлівую розніцу паміж вымушаным шляхам і шляхам праз магчымасці, які абумоўлены індывідуальнай суб’ектнасцю (agency). Страта чалавечага капіталу павышае верагоднасць вымушанага ўваходу, а патройны бар’ер міграцыйнага статусу, полу і бюракратычных перашкод узмацняе гэты ціск праз узаемадзеянне фактараў, а не дзейнічае адытыўна. Высокая суб’ектыўная карыснасць хобі павялічвае верагоднасць уваходу праз магчымасці і гібрыднага ўваходу, тады як шчыльнасць знаёмых жанчын-прадпрымальніц у сетцы статыстычна значнага эфекту не мае.

Апытанне было праведзена VšĮ «Imigrantų verslo plėtros centras» пры фінансавай падтрымцы The Democracy Support Fund (Літва).